Сёння Міжнародны дзень сям'і. Сям'я закліканая быць крыніцай клопату, павагі, любові. З сям'і пачынаецца жыццё чалавека, у сям'і фармуецца яго асоба. Нягледзячы на тое, што ў сучасным свеце існуе праблема росту няпоўных сем'яў, вялікая колькасць разводаў, адмова ад нараджэння дзяцей, побач з намі жыве нямала шчаслівых сем'яў, якія выклікаюць захапленне і могуць паслужыць узорам для іншых.
Адна такая дружная і выдатная сям'я жыве побач са мной. Гэта сям'я Коршун. Маладую прыгажуню маму клічуць Воля, а тату Саша.
Распавядзіце пра сваю сям'ю. Колькі ў вас дзяцей? Каму колькі гадоў?
Распавядае Воля:
- Я сама з Магілёва, у Мінск прыехала для атрымання вышэйшай адукацыі, дзе і пазнаёмілася са сваім мужам. Нашай сям'і ў гэтым годзе спаўняецца 12 гадоў. У нас трое дзяцей.
Старэйшая дачка - Ангеліна. Ёй 10 гадоў. Вучыцца ў 5 класе, паралельна вучыцца ў харэаграфічнай школе. Агульнаадукацыйная школа супрацоўнічае з харэаграфічнай, таму ў яе класе ўсе танцоры.
Сярэдняе дзіця - сын. Завуць яго Арцём. Ён ходзіць у сад. Яму 5 гадоў.
Малодшая дачка нарадзілася ў красавіку мінулага года. Назвалі Амелія. Зараз я знаходжуся ў адпачынку па доглядзе за дзіцем.
Як вы адважыліся на траіх дзяцей? Гэта так складана забяспечыць іх усім неабходным. Якія былі цяжкасці і як справіліся з гэтым?
- Першапачаткова мы вырашылі, што ў нас будзе двое дзетак. Адразу пасля вяселля я зацяжарыла першым дзіцём. Праз пяць гадоў запланавалі другога. Трэцім дзіця я зацяжарыла зноў праз пяць гадоў, але не запланавана і мы вырашылі, што гэта дадзена нам звыш. Ёсць некаторыя абставіны, у якія я веру. Было не страшна, таму што я сама з шматдзетнай сям'і. У мяне ёсць два старэйшыя браты.
Былі некаторыя складанасці з цяжарнасцямі: з усімі трыма, прыйшлося паляжаць у шпіталі на захаванні. Першыя роды працякалі з ускладненнямі, але мы верылі толькі ва ўсе лепшае, што з намі і адбылося.
Так, ва ўсіх дзяцей свае ўзроставыя патрэбы, але цяпер нас гэта не палохае, з гэтым мы спраўляемся. Цяжкасці ўзнікаюць і з-за эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце: сяджу з дзецьмі дома, а муж працуе. Праўда, крыху палохае будучыня, таму што ўсіх трэба вывучыць у вышэйшых установах.
Якія былі чаканні ад жыцця з трыма дзецьмі і ці супалі яны з рэальнасцю?
- Дзеці - гэта наша радасць! Муж радаваўся нараджэнню трэцяга дзіцяці, напэўна, больш, чым першага. Чакалі, што будзе вельмі складана, бо адна ходзіць у школу, другі - у садок, а муж пастаянна на працы. Садок далёка, прыходзілася самой ездзіць забіраць сына, але ў той жа час гэта шпацыр на свежым паветры і гэта плюс.
Старэйшыя дапамагаюць у даглядзе за малодшанькай, гуляюць з ёй, могуць яе пакарміць. Таму пакуль усё лёгка. Мае бацькі таксама дапамагаюць, даюць нам з мужам час прагуляцца ўдваіх, пабыць сам-насам. Нашы хваляванні аб магчымых цяжкасцях не спраўдзіліся.
Распавядзіце аб якім-небудзь пацешным выпадку, які адбыўся ў вашай сям'і.
- Пацешных гісторый шмат, ўсіх і не ўзгадаць, некаторыя забываюцца, пакідаючы проста цёплыя ўспаміны. Быў выпадак, калі мы адзначалі дзень нараджэння майго таты, юбілей. Усе сядзелі за сталом, Арцём мірна спаў у ложку (на той момант яму было два тыдні), Ангеліна гуляла з цацкамі. І раптам яна знікла з поля зроку. Пайшлі яе шукаць. Як аказалася, Цёма ўжо прачнуўся, а Ангеліна ўбачыла гэта, так як часта заглядвала ў пакой паглядзець на браціка і вырашыла перакласці яго ў дзіцячы шэзлонг. Калі мы зайшлі ў пакой, Ангеліна ўжо замацоўвала Арцёма, які ляжаў у шэзлонгу. На пытанне: «Ангеліна, навошта ты яго дастала з ложачка, ты ж маленькая яшчэ (5 гадоў), а ён для цябе цяжкі?», яна адказала: «Я падумала, што яму там сумна».
Малодшая цяпер таксама аджыгае. У нас дзве коткі, адна з іх жыве амаль з нараджэння Ангеліны, але ніхто з старэйшых ў міску з кацінай ежай не лез. А Амелію так і цягне! Як у показцы: «калі трэцяе дзіця лезе ў ежу ката, то гэта праблема ката». У яе як быццам штодзённы рытуал - памачыць рукі ў каціным пітве, адабраць у іх ежу. Узяць у рукі яе паспявае, таму што хуткая, але вось у рот не, бо адбіраем. Увогуле, весела з трыма, толькі ведай, чым іх заняць.
Якую параду можаце даць парам, якія хочуць мець шмат дзяцей, але сумняваюцца?
- Дзеці - гэта, несумненна, шчасце! Парада мая такая, калі вы верыце ў свае сілы і вы гатовыя нарадзіць, выхаваць і забяспечыць сваіх дзетак, то, вядома ж, нараджайце. Ад вас ім патрэбна любоў, ласка і клопат, а наўзамен яны падораць вам радасць і шчасце!
І яшчэ хачу дадаць, што ў Воліных таты і мамы таксама трое дзяцей - Воля і два браты. У аднаго брата двое дзяцей, у іншага трое. Увогуле, у бабулі з дзядулем 8 унукаў. Вось такая вялікая, паспяховая і цудоўная сям'я!
Гутарыла Аксана Семянюк